|
Якія нашыя дзеці?Інфармацыя для дзіцяці
Ты нармальнае, добрае, класнае дзіця. Усё ў цябе ідзе добра, хоць, канечне, як і ў кожнага, ў пэўных сітуацыях бывае так, што пачынаеш злавацца. Бацькоў ты любіш, можаш з імі «дамовіцца», яны ўвогуле добрыя, але часам цябе «нервуюць». І гэта тыповая сітуацыя. Інфармацыя для бацькоў
- Дзіця геніяльнае
Вашае дзіця — гэта геній, алімпійскі чэмпіён. Яно папросту выдатнае, цудоўнае, усебакова адоранае. Да таго ж гэта не толькі вашая прыватная думка, бо дзіця абследаваў псіхолаг. У выніку гэтых абследаванняў высветлілася таксама, што апрача інтэлекту дзіця адоранае незвычайнымі ўменнямі лагічнага мыслення і выдатнай каардынацыяй зроку і слыху. Пры гэтым яно паслухмянае і паважлівае да старэйшых. Прыклады зваротаў да дзіцяці:
-
Як цудоўна, што ты ў нас ёсць. Толькі разам з табой мы маем шанс гэта зрабіць.
-
О, якая выдатная ідэя. Мы самі ніколі б да такога не дадумаліся.
-
Любы наш, дзякуючы табе напэўна перамога будзе за намі.
-
Ну, ты проста выдатна, цудоўна гэта робіш.
-
Любы наш, працягвай, працягвай. Мы без цябе не дадзім тут рады.
- Дзіця няўдалае
Любіце вашае дзіця, але, на жаль, не дае яно падставаў для гонару і славы. Яно бездапаможнае, неакуратнае, неарганізаванае. Усё, да чаго даткнецца, — адразу ж брудзіцца або і ламаецца. І няма нічога дзіўнага, таму што спецыялісты кажуць, што яно балансуе на мяжы інтэлектуальнай нормы. Многага не разумее, пераацэньвае ўласныя магчымасці, інфантыльнае і да сябе ставіцца некрытычна. Так, гэта яшчэ салодкае маленства, але ж... Прыклады зваротаў да дзіцяці:
-
Пакінь, пакінь, даражэнькі, для цябе гэта залішне складана.
-
Мама і тата потым табе ўсё растлумачаць, а цяпер не чапай, не перашкаджай, сядзі сабе спакойна і глядзі.
-
Не чапай! Ідзі прынясі сябе кубікі з Чырвонай Шапачкай і гуляйся.
-
Коцік, ты ўсё нам псуеш. Гэта для нас вельмі важная рэч. Пакладзі, а то яшчэ што-небудзь згубіш.
-
Адпачні сабе.
- Дзіця «разарванае»
МАМА Твой муж выразна абагаўляе старэйшую дачку. Гэта не толькі несправядліва ў дачыненні да іншых вашых дзяцей: дзяўчына з кожным днём становіцца ўсё больш эгаістычнай, самаўпэўненай, агрызаецца і пагардліва ставіцца да іншых. З табою ў яе асабліва цяжкія адносіны, бо яна ведае, што бацька ёй усё дазваляе і заўсёды абароніць. Муж неаб'ектыўны, зусім не прыслухоўваецца да тваіх абгрунтаваных аргументаў. У кожнай спрэчнай справе ён заўсёды, не разбіраючыся і не ўнікаючы ў дэталі, стане не на твой бок і дачцэ будзе верыць больш, чым табе. Звароты тыпу:
-
Во, на табе, любімая татава дачушка вярнулася!
-
Якім тонам ты са мной гаворыш! (Да мужа: А ты, як заўсёды, не чуеш, што яна мяне ні ў грош не ставіць!)
-
Не строй з сябе самую разумную!
-
Думаеш, усё табе можна! Прыкідваешся такой мілай дачушкай, а я то добра ведаю, што ў цябе ў галаве!
-
Ага, цяпер дык такая разумная. А каб прыбраць за сабой у ванне, дык для шаноўнай прынцэсы ўжо завялікая праца!
-
Не агрызайся! І не ўсміхайся так іранічна. Трымаеш мяне за дурніцу і думаеш, што я гэтага не бачу?
ТАТА Твая жонка не любіць старэйшую дачку. Бачыш, што часта бывае несправядлівай, за ўсё яе крытыкуе, да ўсяго чапляецца — проста яе крыўдзіць. Табе гэта балюча і са свайго боку стараешся даць дачцэ падтрымку, ацаніць і пахваліць яе, паказаць сваю любоў. Гэта ж сапраўды добрая дзяўчына! Звароты тыпу:
-
Як добра, дарагая, што прыйшла, ты нам вельмі дапаможаш.
-
О, бачу, што табе вельмі добра гэта ўдаецца!
-
Як прыемна, што можа нешта зрабіць разам.
-
Радуюся, што ў мяне такая выдатная дачушка.
- Дзіця лянівае і хітрае
Вашае дзіця мае вельмі пасрэдныя вынікі ў школе. Усе ведаюць, што магло б яно вучыцца значна лепш, але бяда — лянота. Пры гэтым яшчэ і хітрыкі. Яно выкарыстоўвае — прычым вельмі таленавіта — кожную сітуацыю, абы толькі ўцячы ад навукі. Так што вам даводзіцца быць увесь час вельмі пільнымі, уважлівымі, насцярожанымі. Без вашага кантролю і пастаяннага ўмяшальніцтва заставалася б вашае дзіця па тры гады ў кожным класе. Прыклады зваротаў:
-
Ну, што сёння было ў школе? Ты мне зубы не загаворвай, толькі скажы, што ў школе.
-
Пакінь гэта. Лепей ідзі, паўтары гісторыю — заўтра кантрольная работа, памятаеш?
-
Кажу табе, ідзі рабіць урокі. Табе абы-якая прычына, толькі б не вучыцца!
-
Што? Атрымаў «чацвёрку»? Ну, гэта трэба залатымі літарамі запісаць. Хоць, зрэшты, нічога дзіўнага, усё-ткі я тры вечары над табой прасядзела.
- Дзіця любімае
Вы любіце дзіця. Яно спакойнае, добразычлівае, адкрытае. Вам падабаецца быць з ім, разам рабіць розныя рэчы. Вы цешыцеся, калі вы разам. Выразна відаць, што і дзіця вас любіць. Гэта ніякі не геній, не восьмы цуд свету, але гэта вашае дзіця, і вялікае шчасце, што яно такое, якое ёсць.
Прыклады зваротаў: Імправізуй… |
|
|