Галоўная


Пошук па сайце


Кантакты


Мапа сайту
Настаўніца  Іра

 
 
 
   

Беларускі гуманітарны ліцэй ім. Я. Коласа

Лявон БАРШЧЭЎСКІ

Беларускі гуманітарны ліцэй сёньня

 Безумоўна, ведучы гаворку пра пэрспэктывы існаваньня Ліцэю ў сёньняшнім стане, нельга абмінуць гаворкі пра матэрыяльнае забесьпячэньне навучальнага працэсу, якасьць выкладаньня паасобных дысцыплінаў і г.д. Аднак жыцьцё паказала, што вырашэньне гэтых праблемаў у цэлым мае станоўчую дынаміку. Гэта датычыць забесьпячэньня вучняў неабходнай вучэбнай мэбляй, падручнікамі, дапаможнікамі, кампутарамі і г.д. Праблема агульнага будынка для заняткаў таксама ня ёсьць абсалютна невырашальнай, як нам гэта здавалася напачатку, у 2003 г. Мы ж засяродзім тут увагу на праблемах, што сёньня нам здаюцца больш складанымі й патрабуюць не аднаго “мазгавога штурму”. 

Перш чым пачаць гаворку на гэтую тэму, трэба хоць бы пабежна прааналізаваць, чаму Ліцэй усё-такі здолеў вытрымаць практычна ўсе выпрабаваньні, што пачаліся яшчэ пры мінулай уладзе, і застацца дзейным нават пасьля афіцыйнай ліквідацыі. Па сутнасьці, таямніцы тут ніякай няма. Любую справу робяць канкрэтныя людзі, і ад самага пачатку адміністрацыяй ліцэя быў узяты курс на фармаваньне ліцэйскай каманды, стрыжань якой павінны былі складаць неардынарныя і нестандартныя асобы. Прытым гэтых асобаў павінна было нешта яднаць, бо, як вядома, забяспечыць функцыянаванне сістэмы, якая складаецца зь яркіх індывідаў, бывае вельмі няпроста. У гэтым канкрэтным выпадку, аднак, жыцьцяздольная сыстэма была створаная. Галоўным чыньнікам тут было тое, што ў Ліцэй ад самага пачатку прыходзілі людзі, для якіх беларуская мова й ідэя вучыць на ёй дзяцей належалі да катэгорыяў, якія вызначаюць сэнс жыцьця. Так, да калектыву пэдагогаў Ліцэю ў розныя гады далучыліся Алег Трусаў, Міхась Тычына, Васіль Сёмуха, Валянцін Голубеў, Пятро Садоўскі, Аляксей Крукоўскі, Андрэй Хадановіч, Алесь Жлутка, Яўген Шунейка, Алесь Сядзяка, Тамара Мацкевіч, Аляксей Янукевіч, Уладзімір і Наталля Аляксандравы ды шмат хто яшчэ.

Самы ж першы склад супрацоўнікаў тагачаснага Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру фармаваўся збольшага з маладзейшых людзей, якія хадзілі на паседжаньні “Талакі”, наведвалі рознага кшталту асьветніцкія курсы й сэмінары, створаныя сьвядомай беларускай грамадзкасьцю напрыканцы 80-х гадоў; актывісты створаных незадоўга перад тым суполак Беларускага Народнага Фронту і Таварыства беларускай мовы. Да іх дадаваліся вядомыя навукоўцы, вынікі працы якіх не знаходзілі належнага прызнаньня ў позьнесавецкай БССРаўскай рэчаіснасьці. Узгадайма, што сярод першых лектараў нядзельнага й вечаровага адзьдзяленьняў Ліцэю былі Міхась Ткачоў, Павал Церашковіч, Тацяна Шамякіна, Тацяна Кухаронак, Вольга Дадзіёмава, Анатоль Сідарэвіч ды інш. Пераход Ліцэю ў стацыянарны статус “пад дахам” Міністэрства адукацыі меў тут свае плюсы й свае мінусы. З аднаго боку, цьвёрдая (хоць і ня надта высокая) зарплата для супрацоўнікаў БГАКЦ давала магчымасьці для арганізацыі працы сыстэмнай, а ня толькі піянэрскай. З другога боку, пачатак 90-х гадоў быў тым пэрыядам нашай гісторыі, калі “адраджэнцы”, асобы таленавітыя, яркія і неардынарныя, былі запатрабаваныя й іншымі дзяржаўнымі структурамі – гэткімі, як, да прыкладу, Навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны. Ды й ва ўнівэрсытэтах Менску тады яшчэ шукалі беларускамоўных прафэсараў і дацэнтаў, а нават і загадчыкаў катэдраў. (Аўтару гэтага даклада, між іншым, таксама прапаноўвалі пасаду загадчыка адной з катэдраў філялягічнага факультэту БДУ). Трэба мець на ўвазе, што ў той самы час прынятыя намі на працу ў БГАКЦ былыя “талакоўцы” й энтузіясты ТБМ ня ў кожным выпадку аказаліся ініцыятыўнымі й творчымі супрацоўнікамі. Сёй-той зь іх меркаваў, што ён павінен атрымоўваць заробак толькі за тое, што ўмее гаварыць па-беларуску. Гэткім чынам, ад самага часу стварэньня стацыянарнага Ліцэю мы сутыкаліся з кадравымі праблемамі. Досыць будзе сказаць, што першы навучальны год, 1 кастрычніка 1991 г., мы пачалі без выкладчыкаў профільных дысцыплінаў – гісторыі Беларусі, беларускай, нямецкай і гішпанскай моваў; не хапала таксама па адным выкладчыку літаратуры, фізікі, ангельскай і расійскай моваў. Вакансіі, што ўзьніклі напачатку, прыйшлося запаўняць у розны спосаб – у тым ліку людзьмі, якія зусім ня мелі досьведу хоць якога выкладаньня. У адных выпадках – як гэта было зь гісторыкам па адукацыі, якая ўзялася выкладаць у Ліцэі гішпанскую мову, Дзінай Бабрыцкай – гэтая рызыка аказалася апраўданай; у іншых выпадках прынятыя на працу людзі, відавочна, апынуліся не на сваім месцы. Праблемы падобнага кшталту ўзьнікалі штогод, і часам яшчэ ў пачатку верасьня чарговага году даводзілася ліхаманкава шукаць замену асобам, якія з тае альбо іншае прычыны пакідалі Ліцэй. Удушэньне ўладамі беларусізацыі мела сваім вынікам тое, што ў другой палове 90-х гадоў нам стала лягчэй вырашаць кадравыя праблемы з гуманітарнымі дысцыплінамі, але знайсьці добрага выкладчыка, напрыклад, фізікі, рабілася ўсё цяжэй. Тым ня менш, калі прыйшла пара вырашальнага выпрабавання ў траўні—чэрвені 2003 г., амаль усе педагогі Ліцэю прадэманстравалі прынцыповасьць і сваё выразнае нежаданьне падпарадкавацца самадурству й гвалту з боку ўлады. Ліцэй захаваўся, але аўтаматычна ўсе праблемы вырашыцца не маглі. Выкладчыкі, асноўным месцам працы якіх раней быў дзяржаўны ліцэй, апынуліся ў складанай псыхалягічнай сітуацыі: іх чакала дарога ў невядомае, зь вельмі цьмянымі пэрспэктывамі атрымаць паўнавартасную пэнсію ад дзяржавы й увогуле мець якую-кольвечы сацыяльную і прававую абарону.

Сталая пэдагагічная праца ў прынцыпе ня можа лічыцца працай гераічнай, бо чалавек жа не зьдзяйсьняе гераічных чынаў штодня. Таму, напэўна, няможна патрабаваць ад кожнага выкладчыка Ліцэю кожны дзень, у кожную хвіліну быць на вышыні разуменьня той місіі, якую ён фактычна выконвае. Пагатоў, адміністрацыя Ліцэю фактычна вельмі абмежаваная ў сваіх дзеяньнях і ўплывах на пэдагогаў. Уся “зброя” адміністрацыі ў гэтым сэнсе – яе ўласны аўтарытэт. І калі гэтага аўтарытэту ў вачах пэдагогаў ня будзе – Ліцэй разваліцца. Гэта накладае асаблівую адказнасьць ня толькі на саму адміністрацыю, але й на ўсіх выкладчыкаў і супрацоўнікаў.

Але трэба мець на ўвазе і тое, што сёньня выкладчыкі Ліцэю, не зарабляючы вялікіх грошай за сваю працу, маюць тое, чаго сёньня пазбаўленыя іх шматлікія калегі, якія працуюць ня толькі ў дзяржаўных, але і ў т.зв. “недзяржаўных” навучальных установах Беларусі. Выкладчыкі Ліцэю маюць СВАБОДУ – а гэта каштуе дарагога. Бо ж у сёньняшніх варунках Ліцэй – гэта не пляцоўка для дэманстрацыі себялюбства й няспраўджаных амбіцыяў, а адна зь нешматлікіх магчымасьцяў зрабіць нешта для будучай эўрапейскай і беларускай (я ў гэта веру!) Беларусі.

Яшчэ адзін аспэкт названай праблемы. Непазьбежнае пытаньне, якое нам шмат хто задае: дакуль Ліцэй можа праіснаваць у падобных паўпадпольных варунках? Тут ёсьць некалькі чыньнікаў, але галоўны сярод іх – наяўнасьць неабходнай колькасьці навучэнцаў. Ліцэй з колькасьцю 10-ці альбо 15-ці вучняў рэальна існаваць наўрад ці зможа. Гэта значыць, змог бы, калі б гэтыя 10—15 падлеткаў мелі надзвычайныя здольнасьці, высокую сьвядомасьць і поўную падтрымку з боку сваіх бацькоў. Але толькі ў такім выпадку. Мяркую, што мы здолелі б арганізаваць якаснае навучаньне такіх асобаў, нават калі б не атрымалі на гэта ніадкуль аніякай фінансавай дапамогі (г.зн., на грамадзкіх пачатках). Сёньня ж да нас прыходзяць абітурыенты зь вельмі рознымі здольнасьцямі й надта рознай ступеньню падрыхтаванасьці. І дзякуй Богу, што яшчэ прыходзяць. Іншае пытаньне, што ў працы з шэрагам вучняў выкладчыкам трэба перабудавацца – выкарыстоўваць, між іншага, спраўджаныя часам старыя школьныя мэтодыкі, а з іншага боку, і шукаць нестандартных падыходаў. Бо ў гэтым выпадку праблема пасьпяховай здачы экстэрнавых іспытаў застаецца. Тым болей, што ўлада і надалей, напэўна, будзе ўскладняць сітуацыю для дзяцей, якія не наведваюць яе “ідэалягічна вывераных” школаў. Мушу сказаць, што яшчэ два гады таму я асабіста верыў, што ў Менску ёсьць 20—30 сьвядомых бацькоў, якія без ваганьняў будуць прыводзіць сваіх дзяцей адпаведнага году нараджэньня да нас. Безумоўна, такія бацькі ёсць. Але тут трэба ўлічваць і тое, што ў нашых беларускіх сем’ях нярэдка бацька й маці маюць дыямэтральна розныя думкі і, літаральна, размаўляюць на розных мовах. Таму, дзеля захаваньня ўнутрысямейнага ладу, ня кожны адважыцца праявіць ініцыятыву, зьвязаную ўсё-такі з пэўнай рызыкай для сябе й для дзіцяці. Аднак, калі прыкласьці пэўныя намаганьні, мяркую, што і ў гэтых варунках Ліцэй можа папаўняцца новымі вучнямі: ня менш як 20—25 навучэнцаў штогод. У гэткім разе сёньняшняя колькасьць навучэнцаў захаваецца – і праз гэта ствараюцца ўсе шанцы забясьпечыць Ліцэю далейшае жыцьцё.

На нашу думку, і надалей стратэгічная мэта працы Ліцэю павінна застацца той самай, якая была сфармуляваная ў апублікаванай яшчэ ў 1994 г. “Мадэлі нацыянальнага гуманітарнага ліцэю” – “падрыхтоўка духоўных лідэраў нацыянальна-культурнага адраджэньня”¹. Напраўду, сёньня Ліцэй можа з гонарам узгадваць імёны шэрагу сваіх былых выпускнікоў, якія на гэтай дзялянцы ўжо сёе-тое пасьпелі зрабіць (Тацяна Алесіна, Ільля Сін, Сяргей Сматрычэнка, Мікола Астрэйка, Ірына Тоўсьцік, Міхась і Алена Баярыны, Усяслаў Шатэрнік, Франак Вячорка і інш.)

І, хоць далёка ня кожны з тых, хто некалі закончыў Ліцэй, пасьпеў апраўдаць нашыя спадзяваньні альбо, прынамсі, не расчараваў, мы ўжо можам канстатаваць: беларускамоўны інтэлектуальны, грамадзка-палітычны дыскурс мае ўсе шанцы выжыць – нават у самыя неспрыяльныя дзеля гэтага часы – не ў апошнюю чаргу дзякуючы прыходу ў яго былых навучэнцаў нашага Ліцэю. І калі з кожнага выпуску мы будзем мець яшчэ хоць бы аднаго-двух сапраўдных беларускамоўных інтэлектуалаў ці мэнэджэраў-арганізатараў – дзеля гэтага варта працягваць нашу працу. Будуць, урэшце, 2020-я, 2030-я, 2040-я гады, калі пакаленьне сёньняшніх выкладчыкаў Ліцэю будзе адыходзіць, а яны (і, спадзяюся, шмат хто з будучых выпускнікоў) застануцца, каб ствараць усё-такі тую самую эўрапейскую і беларускую Беларусь. Гады, праведзеныя Ліцэем у падполлі, натуральным чынам, раскрылі самыя розныя якасьці людзей, якія гэты Ліцэй ствараюць – кіраўнікоў, выкладчыкаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Пераважна выявіліся ўсё-такі самыя лепшыя якасьці, якіх бракуе шмат каму з нашых суайчыньнікаў. Нягледзячы на праблемы, пра якія гаварылася вышэй, менавіта Ліцэй паказаў і працягвае паказваць прыклад, як жыць і тварыць, не схіляючы галавы, у самых непрадказальных і нестабільных варунках.

¹Гл.: Гусакоўскі М., Баршчэўскі Л., Вячорка В., Колас У., Палоннікаў А. Мадэль нацыянальнага гуманітарнага ліцэя // Адукацыя і выхаванне. 1994. №6. Цытуецца паводле: Мэтадычны дапаможнік беларускага настаўніка. Менск: Цэнтар Супольнасьць, 2003. С.13.

 
 
Галоўная    Пошук    Кантакты    Мапа сайту
Навіны    Аб праекце
2005 © Настаўнік.info
Зроблена прафесійна!
 
Rating All.BY