Аб праекце
Сайт Nastaunik.info – гэта своеасаблівае перанясенне ў інтэрнэт-прастору адукацыйнага досведу беларускіх настаўнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.
А пачалося ўсё з праграмы «Настаўнік. Школа. Грамадства».
Мэта праграмы “Настаўнік. Школа. Грамадства” вельмі простая: зрабіць беларускую адукацыю сучаснай, прэстыжнай, канкурэнтаздольнай. Усе, хто хоча паспрыяць гэтай мэце (калегi-педагогi, вучнi, студэнты, бацькi) могуць далучацца.
Праца у межах праграмы пачалася ў 1999 годзе з апытання патрэбаў педагогаў, якiя бесперапынна імкнуліся да ўдасканалення сваёй прафесійнай дзейнасці, ўдзелнічалі ў грамадскай працы: вялi гурткi, рыхтаваліся да конкурсаў, працавалi з калегамi i бацькамi, выдавалi школьныя газеты i бюлетэнi, выступалi з адукацыйнымi, экалагiчнымi, сацыяльнымi iнiцыятывамi. Выявiлiся патрэбы ў iнфармацыйнай i метадычнай падтрымцы iхніх дзеянняў. Так узнiкла праграма «Настаўнiк. Школа. Грамадзтва», – праграма метадычнай і грамадзянскай адукацыі настаўнікаў. Шэраг грамадскіх арганізацыяў адукацыйнага кірунку сярод якiх “Цэнтар Супольнасьць”, “Таварыства беларускай школы”, “Таварыства беларускай мовы”, “Новая касталiя”, “Зваротная сувязь”, “Чазенiя” ды iнш., пачалі арганізоўваць розныя адукацыйныя мерапрыемствы для педагогаў: семінары, замежныя стажыроўкі, міжнародныя канферэнцыі і абмены досведам, ствараць настаўніцкія клубы, праводзіць педагагічныя майстэрні і інш. Падчас гэтых мерапрыемстваў настаўнікі авалодвалі рознымі сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі і методыкамі, якія базуюцца на дэмакратычных каштоўнасцях, атрымлівалі грамадзянскія веды і кампетэнцыі, што падвышала іх матывацыю да выкарыстання гэтых методыкаў і, нарэшце, яны бачылі прыклады актыўнай жыццевай пазіцыі, набіраліся адзін ад аднаго аптымізму.
За час існавання ўдзельнікамі праграмы сталі каля 2000 настаўнікаў. Мы спадзяемся, з дапамогай сайту і сучасных камунікацый нас хутка стане нашмат больш.
Мы разлічваем, што кожны з тых, хто далучаецца да нас, зможа стаць мультыплікатарам новых ведаў і паўплываць на фармаванне дэмакратычнага светапогляду вучняў, пачне гуртаваць бацькоў, калегаў, працаваць дзеля пабудовы дэмакратычнага грамадства ў Беларусі.